Беларуская Служба

У Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве адкрылася выстава ўкраінскага сучаснага мастацтва

19.06.2024 11:56
У гэтых творах мастакі пераводзяць вопыт ваеннага часу на мову мастацтва.
Siedziba główna Biblioteki Narodowej w Warszawie
Siedziba główna Biblioteki Narodowej w WarszawieShutterstock/ArtMediaFactory

Мерапрыемства, арганізаванае Фондам Касцюшкі, таксама стала магчымасцю паразважаць пра стан украінскай культуры, якая таксама зʼяўляецца абʼектам расійскай агрэсіі.

Старшыня Фонду Касцюшкі Марэк Скулімоўскі расказаў Польскаму радыё, што ягоная арганізацыя ад пачатку вайны займаецца дапамогай украінскім установам культуры. У першыя дні пасля агрэсіі фонд сабраў на гэтыя мэты 2 мільёны долараў:

-Праз некалькі месяцаў да нас звярнуўся Smithsonian Institution, прэстыжная федэральная ўстанова з Вашынгтону, ці не дапамаглі б мы перадаваць дапамогу ў музеі і культурніцкія ўстановы ва Украіне. У нас былі кантакты і магчымасці, мы пагадзіліся. На сённяшні дзень мы выдалі сабраныя 2 мільёны, і 400 тысяч долараў з Smithsonian, сродкі выдадзены пераважна на тэхніку, якая дапамагае захаваць калекцыі ва ўкраінскіх музеях, бібліятэках і архівах.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Томаш Макоўскі падкрэсліў, што палякі як нацыя, якая перажыла Другую сусветную вайну, выдатна разумеюць, што цяперашняя вайна азначае для ўкраінцаў:

-Церпіць таксама культура, якую цяжка будзе адбудаваць. Падчас вайны мы страцілі вялікіх людзей як Кшыштаф Каміль Бачыньскі. Такіх вялікіх паэтаў страчвае Украіна, страчвае мастакоў, музыкаў, спартоўцаў. Яны фармуюць нашую фантазію, яны патрэбныя, каб мы развіваліся. Яны – частка грамадскай мадэрнізацыі. Таму мы так хочам падтрымаць, на колькі можам, украінскую культуру.

На адкрыцці выставы таксама зʼявіліся творцы і мастакі з Украіны. Паэтка Люба Якімчук сказала, што, як ні парадаксальна, вайна паспрыяла буму ўкраінскай культуры:

-Цяпер украінскі кніжны рынак пастаянна расце. Ва Украіне мы купілі больш кніг, чым за дні да поўнамаштабнага ўварвання. Цікавая сітуацыя, таму што ў нас больш аўдыторыі. Мы ўвесь час губляем людзей, але людзей, якія цікавяцца ўкраінскім мастацтвам, становіцца ўсё больш.

У пачатку чэрвеня ЮНЕСКА пацвердзіла знішчэнне 400 культурных абʼектаў Украіны з пачатку вайны. Амаль палову гэтай колькасці складаюць будынкі гістарычнага ці мастацкага значэння. Таксама пашкоджаныя як мінімум 140 рэлігійных будынкаў. Фактычны баланс, верагодна, вышэйшы, таму што ЮНЕСКА абапіраецца толькі на правераныя выпадкі.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры